СЯЛЯ́НСКАЯ РЭФО́РМА 1861,

якой скасавана прыгоннае права ў Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі. Абумоўлена крызісам феад.-прыгонніцкай сістэмы і развіццём капіталіст. адносін, паскорана паражэннем Расіі ў Крымскай вайне 1853—56 і ўздымам рэв., найперш сял. руху.

У студз. 1857 створаны Сакрэтны к-т на чале з царом; у пач. 1858 рэарганізаваны ў Гал. к-т па сял. справе для выпрацоўкі плана паступовага вызвалення сялян. Урад ініцыіраваў прапанову памеснага дваранства літ. і зах.-бел. губерняў аб беззямельным вызваленні панскіх сялян. Паводле рэскрыптаў Аляксандра II 1857 створаны дваранскія губ. к-ты па падрыхтоўцы праектаў рэформы, матэрыялы якіх у 1859—60 разгледжаны ў Рэдакцыйных камісіях. 3.3.1861 Аляксандр II падпісаў «Маніфест» і «Палажэнні аб сялянах, што выйшлі з прыгоннай залежнасці». У выніку сяляне атрымалі асабістую волю і права свабодна распараджацца сваёй маёмасцю. Памешчыкі захоўвалі за сабой землі маёнткаў, пры ўмове захавання ў пастаянным карыстанні сялян іх сядзіб і палявых надзелаў за адпаведныя павіннасці — паншчыну ці аброк. Памеры надзелаў і павіннасцей фіксаваліся ва ўстаўных граматах, складанне якіх даручалася памешчыкам, іх праверка, зацвярджэнне і ўвядзенне ў дзеянне — міравым пасрэднікам. Сяляне атрымалі права выкупу сядзібы і, пры згодзе памешчыка, — палявых угоддзяў. Да ажыццяўлення гэтага яны наз. часоваабавязанымі сялянамі. Выкупны кошт надзелу вызначаўся аброкам, капіталізаваным з 6% гадавых. Т.ч. сяляне фактычна выкуплялі не зямлю, а феад. павіннасці, г.зн. асабістую волю (гл. Выкупная аперацыя). Дваровыя людзі атрымалі асабістую волю, але вызваляліся без зямлі і на працягу 2 гадоў заставаліся ў феад. залежнасці ад паноў. Вызначаліся структура, правы і абавязкі органаў сял. грамадскага кіравання (сельскага, валаснога) і валаснога суда. У 4 «мясцовых палажэннях» вызначаліся памеры зямельных надзелаў і павіннасцей сялян за карыстанне імі ў 44 губернях еўрап. ч. Расіі. Паводле «Мясц. палажэння» для 35 рус., усх.-бел. і паўд.-ўкр. губерняў, у нечарназёмных рэгіёнах вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 3 да 7 дзес., ніжэйшы — ​1/3 вышэйшага; у чарназёмных — вышэйшы надзел ад 2,75 дзес., ніжэйшы — 1,2 дзес.; у стэпавых рэгіёнах уводзіўся адзіны «ўказальны» надзел; ад 6 да 12 дзес. у рус. губернях і ад 3 да 6,5 дзес. ў паўд.-ўкр. на рэвізскую душу. Калі дарэформенны сял. надзел быў большы за вышэйшы або калі ў памешчыка заставалася менш чым ​1/3 зямлі маёнтка, зямля адразалася на яго карысць. Надзелы маглі памяншацца і паводле спец. пагаднення сялян з памешчыкамі ці пры атрыманні імі даравальнага надзелу. Калі надзел селяніна быў меншы за ніжэйшы памер, памешчык прыразаў яму зямлю або памяншаў павіннасці. За вышэйшы душавы надзел вызначаўся аброк ад 8 да 12 руб. у год ці паншчына — 40 мужчынскіх і 30 жан. рабочых дзён у год. Калі надзел быў меншы за вышэйшы, павіннасці памяншаліся.

На Беларусі С.р. праводзілася на падставе «Агульнага палажэння» і 2 «Мясц. палажэнняў». На 8 бел.-рус. паветаў Віцебскай і Магілёўскую губ. пашыралася разгледжанае вышэй «Мясц. палажэнне». Вышэйшы надзел на рэвізскую душу складаў ад 4 да 5,5, ніжэйшы — 1,3—1,8 дзесяціны. На У Беларусі, як і ў рус. і паўд.-ўкр. губернях, дарэформенны сял. надзел мог быць паменшаны. За вышэйшы надзел аброк складаў 8 руб. у год. «Мясц. палажэнне» для Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. замацоўвала за сялянамі землі, што былі ў іх пастаянным карыстанні напярэдадні рэформы. Сял. надзел абразаўся, калі ён быў большы за інвентарны або калі ў памешчыка заставалася менш за ​1/3 прыдатнай зямлі. Вызначаліся максімальныя памеры аброку — 3 руб. з дзесяціны палявога надзелу ў год і паншчыны — 23 мужчынскія і жан. дні ў год (на 10% менш за інвентарныя). «Мясц. палажэнні» невыразна вызначалі правы сялян на сервітутныя і агульныя з памешчыкамі зямельныя ўгоддзі. На Беларусі «палажэнні» аб адмене прыгону ўзаконілі абеззямеленне сялян, якое вырасла з часу інвентарнай рэформы 1840—50-х гадоў і ў час падрыхтоўкі адмены прыгону. Пры рэалізацыі С.р. памешчыкі таксама абеззямелілі вял. колькасць сялян Беларусі і інш. рэгіёнаў еўрап. ч. імперыі. У сялян рас. чарназем’я яны адрэзалі каля ​1/5, інш. мясцовасцей — ​2/5 надзельнай зямлі (гл. Адрэзкі). Масавыя сял. хваляванні на Беларусі і ў Літве і паўстанне 1863—64 прымусілі ўрад спыніць абавязковыя адносіны сялян Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Дрысенскага і латгальскіх пав. Віцебскай губ. да памешчыкаў з 13.5.1863 і пачаць іх перавод на абавязковы выкуп з паніжэннем выкупных плацяжоў на 20%. З 13.1.1864 гэтыя правілы пашыраны на Магілёўскую і астатнія 8 паветаў Віцебскай губ. У пач. 1870-х г. большасць б. панскіх сялян Беларусі перавялі на выкуп. У адпаведнасці з цыркулярамі віленскага ген.-губернатара М.М.Мураўёва ад 29.8 і 30.10.1863 сялянам, абеззямеленым памешчыкамі ў 1846—56, давалі па 3 дзес. зямлі; пазбаўленым яе з 1857 вярталі надзелы, роўныя надзелам астатніх сялян. Сялянам вярталі права карыстання сервітутамі і агульнымі з памешчыкамі пашамі. На пераважнай ч. тэр. Беларусі царызм пайшоў на большае скарачэнне выкупных плацяжоў, чым планавалася. У Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. яны зменшаны на 64,9—75,4%. Гэтыя ўступкі прыкметна змякчылі, але істотна не змянілі грабежніцкага ў адносінах да сялян характару рэформы. Пераважная большасць абеззямеленых атрымала па 3 дзес. на двор, што было недастаткова для вядзення гаспадаркі і ўтрымання сям’і. У 1877 на Беларусі памешчыцкія землі складалі 50,5% агульнай плошчы прыдатных зямель, а надзельныя землі б. панскіх сялян — 24,6%. Нягледзячы на зніжэнне памераў выкупу на З і ў цэнтры Беларусі, агульная сума выкупных плацяжоў з сялян 5 зах. губерняў у 3,3 раза перавышала кошт надзельнай зямлі на мясц. зямельным рынку ў час пераходу на выкуп і ў 2,3 раза — суму атрыманай імі дзярж. выкупной пазыкі. У велікарус. губернях еўрап. ч. краіны пераход сялян на выкуп расцягнуўся на некалькі дзесяцігоддзяў. Да 1881 тут заставаліся часоваабавязанымі 1552 тыс. рэвізскіх душ (15% сялян). 9.1.1882 выдадзены закон аб абавязковым выкупе з 13.1.1883. Перавод на яго завяршыўся да 1895. У выніку выкупной аперацыі дзяржава атрымала 700 млн. руб. прыбытку, у т. л. каля 100 млн. — у 5 зах. губернях. С.р. ў вял. ступені вызначыла кірунак эканам., сац. і паліт. эвалюцыі вёскі 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Яна стварыла ўмовы для ўсталявання капіталіст. спосабу вытв-сці, паскорыла развіццё агр. капіталізму, прадукц. сіл сельскай гаспадаркі, але не вырашыла аграрнага пытання, бо на вёсцы, як і раней, панавала памешчыцкае латыфундыяльнае землеўладанне, захоўваўся шэраг інш. перажыткаў прыгонніцтва.

Літ.:

Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;

Зайончковский П.А. Отмена крепостного права в России. 3 изд. М., 1968;

Литвак Б.Г. Переворот 1861 г. в России: почему не реализовалась реформаторская альтернатива. М., 1991.

В.​П.​Панюціч.

т. 15, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)